
25 студзеня група БД-21 разам з куратарам Ушакевіч А.П. і кіраўніком гуртка “Спадчына” Браніцкай М.К. наведалі Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей.
У дзевяці залах установы культуры навучэнкам была прадстаўлена гісторыя Навагрудка ад старажытных часоў да 1945 года. У час экскурсіі дзяўчаты паглыбілі свае веды пра ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага і дзейнасць вялікіх князёў, пра войны, якія прывялі да разбурэння Навагрудскага замка, пра падзеі паўстанняў 1831 і 1863 гадоў. Вельмі цікавымі былі звесткі пра выдатных людзей, чыё жыццё і дзейнасць былі звязаны з Навагрудчынай.
Уразіла наведвальнікаў багатая этнаграфічная калекцыя, творы народнага мастацтва (жаночыя і мужчынскія касцюмы, тканыя посцілкі, абрусы, расшытыя ручнікі, сурвэткі, гліняны і драўляны посуд).
Апошнія залы музея расказалі пра трагічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны: “Навагрудскі кацёл”, акупацыйны рэжым, трагедыю яўрэйскай абшчыны і партызанскі атрад Бельскіх, пра расстрэл 11 сясцёр-назаратанак.
“Гісторыя — скарбніца нашых дзеянняў, сведка мінулага, прыклад і павучанне для цяперашняга часу, перасцярога для будучыні”, — так пісаў М. Сервантэс. І з гэтым нельга не пагадзіцца.
