
Родны край, Радзіма, Бацькашчына, зямля бацькоў… Яшчэ зусім маленькімі мы ўпершыню чуем гэтыя словы. А ці задумваліся вы, што яны значаць асабіста для вас? Кожны чалавек укладвае ў гэтыя словы нешта сваё. Для аднаго гэта ўся неабсяжная краіна ад мяжы да мяжы, для другога — гэта вёска, дзе жывуць яго бацькі, дзе жылі бацькі яго бацькоў, для трэцяга — гэта месца, дзе чалавек упершыню захапіўся дзівоснай прыгажосцю прыроды: адчуў водар кветак, пачуў спеў жаваранка, убачыў зіхатлівы ўсход сонца…
Родны край — гэта і сонца над галавой, і паветра, якім ты дыхаеш, гэта старажытныя лясы, блакітныя азёры і бяскрайнія прасторы палёў. Гэта і вялікія прыгожыя гарады, і зусім маленькія вёскі, дзе ўсе жыхары добра ведаюць адзін аднаго. Гэта мова, якую даў табе народ, і песня, што засталася ад прадзедаў, і гераічная слава бацькоў…
22 верасня ў рамках Тыдня роднай мовы навучэнцы першага курса прынялі ўдзел у конкурсе творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”.
Каверка Дар’я (група ПО-1): “Мая Радзіма — Беларусь. Мне вельмі пашанцавала нарадзіцца ў такой цудоўнай і непаўторнай краіне. Яе назва гаворыць пра чысціню і прастату гэтых месцаў, незвычайных пейзажаў, пра прыгажосць і багацце нашага краю.
Наш народ славіцца сваёй гасціннасцю. Шчырыя і добрыя людзі, якія жывуць у Беларусі, шануюць культуру і традыцыі свайго народа, з павагай адносяцца да людзей іншай веры.
Пра мой любімы край напісана шмат вершаў і песень, якія праслаўляюць Беларусь і мой народ. Беларусь славіцца сваімі вялікімі вучонымі, пісьменнікамі, даследчыкамі, мастакамі, вядомымі ўсяму свету. Мяне перапаўняе пачуццё гонару за маю зямлю, за тое, што я нарадзілася і жыву ў Беларусі!”
Грыб Вікторыя (група БДп-1): “Беларусь! Родны край! Мая любая старонка! Для мяне Радзіма - гэта мае мамачка і татачка, каледж, мае выкладчыкі, горад Рэчыца, людзі, якія мяне акружаюць. За што я люблю сваю Радзіму? За бацькоўскі дом, у якім я жыву. За маё шчаслівае дзяцінства, якое мне далі бацькі і наша дзяржава. За блакітнае і мірнае неба над галавой. За яснае і цёплае сонейка, якое сагравае сваімі промнямі наш край. Тут жывуць мае бабуля і дзядуля, якіх я вельмі люблю і дапамагаю ім. Я шчаслівая, што нарадзілася і жыву ў Беларусі!”
Гурын Марк (група УП-1):” Я жыву ў вельмi цудоўнай i прыгожай краiне. I назва яе — Беларусь! За што я люблю Беларусь? А як жа можна не любiць яе – маю другую мацi?!
Усе мы, кожны па-свойму, любiм нашу краiну, нашу цудоўную Радзiму. Усе мы змалку адчуваем яе матчыну ласку, матчыну ўвагу. Усе мы хочам, каб наша Радзiма была магутнай i шчаслiвай. Кожны павiнен любiць свой край. Чалавек, якi любiць сваю зямлю, на якой нарадзiўся, паважае свой край, што вырасцiў яго, робiцца мудрым і моцны. Мая зямля, мая Радзiма, мой народ – МАЯ БЕЛАРУСЬ…”
Праведзены конкурс даў магчымасць яшчэ раз пераканацца, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай краіне. Уладзімір Караткевіч пісаў:” Калі вы станеце дарослымі —яны будуць яшчэ прыгажэйшыя, нашы вёскі і гарады. Вы пройдзеце па іх вуліцах, і вам самім захочацца прыкласці свае рукі, веды і ўмельства да таго, каб зрабіць іх дзівам дасканаласці, а зямлю нашу — найлепшай у свеце зямлёй.
… Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый не патрэбна”.
