
3 лістапада спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча), паэта, празаіка, драматурга, крытыка, вучонага, грамадскага дзеяча.
Творчасць паэта складае цэлую эпоху ў гісторыі беларускай літаратуры, яго заслужана лічаць заснавальнікам нацыянальнай прозы, хаця пяру вядомага празаіка належаць і паэтычныя шэдэўры: паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. Якуб Колас узняў беларускае мастацкае слова на небывалую вышыню, яго творчасць параўноўваюць з лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры, якая прадстаўляе сабой сапраўдную энцыклапедыю жыцця беларускага народа. Ад першага да апошняга слова творчасць Коласа належыць Беларусі і яго нацыянальнай культуры. У розныя часы, у залежнасці ад абставін, творца станавіўся то лірыкам, то прарокам, то філосафам, што характарызуе яго як надзвычай таленавітага чалавека.
У гэты дзень у групе БДп-1 прайшоў урок выдатнай асобы “Якуб Колас — славуты сын Беларусі”. Навучэнцы разам з куратарам Браніцкай М.К. прайшлі жыццёвымі сцяжынкамі класіка нашай літаратуры, прыгадалі цудоўныя радкі з яго твораў, зазірнулі ў тамніцы шчырай беларускай душы, адданай свайму народу, сваёй зямлі. Відэафільм “Шляхам Коласа” пашырыў веды навучэнцаў пра мясціны, звязаныя з жыццёвым і творчым шляхам песняра, а віктарына “Спяшайцеся з паэтам стрэцца” выявіла лепшых знаўцаў яго творчасці.
Сапраўды, Якуб Колас валодаў незвычайным талентам — талентам чалавечнасці, дабрыні і сардэчнасці, якія заварожвалі кожнага, хто сустракаўся з ім. Дапытлівы і чулы, народны паэт любіў жыццё і людзей, імкнуўся аддаць ім агонь сваёй душы і шчодрасці сэрца.
Якуб Колас пры жыцці паспеў адчуць народную любоў і ўдзячнасць. Жыццё не аднойчны выпрабоўвала яго на адданасць Бацькаўшчыне, народу, сваёй сям’і, і той рэдкі талент, які даў Бог, дапамог яму застацца яснай, чыстай зоркай, што ззяе на творчым небасхіле нашай планеты, чалавекам, пра якога можна сказаць: “Ёсць жа на свеце людзі, у якіх талент і сумленне неразлучны”.
Жыта хвалюецца, сэрца на ўздыме,
Сэрца чакала такога даўно.
Слаўлю таго, хто абраў сваім імем
Колас, напоўнены спелым зярном.
Два каласы, дзве праўдзівыя песні
Побач ідуць, нібы сонца ў свет.
Колькі вы радасці людзям прынеслі,
Колас жытнёвы і Колас-паэт!
Р. Тармола
